среда, 12 сентября 2012 г.

Духоўныя раны. Як іх лячыць?

                                                                         Айцец Таміслаў Іванціч  (часопіс «Рэха Меджугор’я…»)



Галоўнае, іх не трэба аналізаваць.
Ніколі не аналізуй сваёй дэпрэсіі, сваёй пакуты, свойго болю, таму што толькі павялічыш свае праблемы.
Адзіны сродак духоўнага ацалення — дазволіць Езусу лячыць твае раны. Глядзі толькі на дабро — тады ўжо будзеш здаровы.
Калі хочаш, каб прайшла твая хвароба: анкалогія, запаленне лёгкіх, грып, тады глядзі на сябе так, быццам у цябе няма анкалогіі, грыпу, запалення лёгкіх, няма тваёй хваробы.
Пакуль глядзіш на свае балячкі, будзеш яшчэ больш хворы.

З уласнага вопыту

Я збіраўся ехаць у Аўстрыю, дзе мяне чакалі 600 чалавек — сужэнскія пары. Павінен быў праводзіць для іх рэкалекцыі. Аднак напярэдадні ад’езду захварэў на грып. Балелі ўсе мае косці, мышцы, горла, у мяне была высокая тэмпература, пацеў. Лёг у ложак і гавару сам сабе: так, гэта грып. Думаў, каго б мне паслаць на рэкалекцыі замест сябе: трэба гаварыць на нямецкай мове, трэба ведаць, што сказаць. Кажу: ну так, я не магу паехаць, бо ў мяне грып. Так гаварыў кожны раз, калі штогадзінна мераў сабе тэмпературу. А 23-й гадзіне неяк апрытомнеў і запытаў сябе: чакай, хто я, Іванціч ці не? Калі — Іванціч, гавару ўсім: не вер у хваробу, а толькі ў здароўе. У такім выпадку павінен пачаць гаварыць, што я — здаровы і паеду ў Аўстрыю. Аднак ува мне ўсё пратэстуе: хіба ты шалёны, як можаш так хутка выздаравець, гэта ж нерэальна, ведаеш сам, як такая хвароба лечыцца. Сціснуўшы зубы, я прамовіў: я — здаровы! Паўтарыў гэта дзесяць разоў, а гэта значыць, што я бачыў сябе, і мой дух бачыў мяне здаровым. Такім чынам мой дух заклікае маё цела, маю псіхіку да барацьбы з хваробаю.
Па-другое: словы «я — здаровы» — гэта мой загад як шэфа для майго цела, якое павінна быць здаровым. Затым дзесяць разоў паўтарыў: веру, што ўсё будзе добра! Тою ноччу пераапранаўся аж тры разы, бо моцна пацеў, а раніцою быў цалкам здоровы. Пасля абеду паехаў у Аўстрыю.

Навучыцеся жыць згодна з духам

Кожнае тваё дрэннае слова забівае цябе. Кожная твая згода на ўсялякае зняволенне, хваробы, войны, зло стварае тое, чаго баішся. Вучыся гаварыць здаровыя словы. Вырашальным з’яўляецца менавіта слова, а не думка. Езус гаворыць: тваё слова цябе збавіць і тваё слова цябе асудзіць. Слухай, як гаворыш, і для цябе гэта будзе ясна. Зразумееш, чаму ты такі нешчаслівы. Калі ў мяне нехта пытае, як я сябе адчуваю, я звычайна адказваю, што не адчуваю сябе добра. Усе глядзяць на мяне і пытаюцца, што здарылася. Я адказваю, што адчуваю сябе цудоўна, а не проста добра. Заўсёды адказвай, што адчуваеш сябе выдатна. Твае прыяцелі будуць радавацца, а ворагі — засмучацца.

Лечым духоўныя раны

Зараз адбудзецца першая малітва, гэта значыць, што сэрцам мы будзем звязаныя з Езусам. Будзем унутранымі вачыма глядзець у вочы Езуса, назіраючы, як Ён праходзіць па нашым жыцці ад моманту зачацця праз усе 9 месяцаў, калі мы былі ва ўлонні маці, потым — праз 20, 50, 80 гадоў — столькі, колькі маеш іх цяпер. Толькі глядзі, як Ён кладзе руку на кожную тваю рану, забірае хваробы і аздараўляе цябе. Гэта толькі адзін спосаб.
Другі спосаб: збіраеш усе свае раны, страхі, праблемы і ствараеш такі «духоўны мяшок», у які іх складаеш. Моцна завязваеш гэты мяшок, каб хваробы не маглі выскачыць, і перадаеш яго ў рукі Езуса. Пры гэтым нізка пакланіся і скажы Яму: «Дзякую, цяпер буду здаровы». Потым здарыцца тое, што адбывалася, калі Езус хадзіў па зямлі і аздараўляў. З табою таксама гэта адбудзецца. Паспрабуй!

Зручна ўладкуйцеся ў сваіх крэслах

Сядзь так, каб уявіў, што не павінен рухацца на працягу 100 гадоў, нібы пачалася вечнасць. Потым адразу ж вяжы «духоўны мяшок». Успомні, што цябе ў тваім мінулым моцна засмучала і турбавала — усё зло, якое перажыў. У думках (духоўна) усё гэта злажы ў той мяшок: свае грахі, усе раны і рубцы, якія засталіся пасля грахоў, крызісы, страты, хваробы, адсутнасць веры, сумненні, сямейныя трагедыі. Збяры ўсё гэта ад моманту свайго зачацця.
Памятай: ты — не адзін, Езус з табою. Таму слухай, як Езус гаворыць:«Усё злажы ў той мяшок, усё, што было негатыўнае». У канцы, як ужо ўзгадвалася, добра завяжы той мяшок і аддай у рукі Пана, каб Ён прыбіў яго да свайго Крыжа. Назірай, што будзе адбывацца з табою. Езус цяпер перажывае за тваю хваробу, Езус усё направіць.

Другі спосаб аздараўлення

Трэба ў малітве наблізіцца да Езуса як да лепшага сябра. Ідзеш пры Езусе, перад Езусам ад моманту свайго зачацця і толькі глядзіш, як Хрыстус ідзе і лечыць. Евангелле гаворыць, што дастаткова было, каб Яго цень проста падаў на чалавека, і той адразу ж ацаляўся. Дастаткова было Езусу пакласці на кагосьці руку альбо здалёк сказаць: «Будзь здаровы!» —
і адбываўся цуд аздараўлення. Глядзі на Езуса, на тое, як Ён праходзіць праз усё тваё мінулае і дазволь, каб Яго прысутнасць вылечыла ўсе твае хваробы. Цяпер паслухай, як Езус у цябе пытаецца: «Што яшчэ?» Скажы Яму: «Езу, пакладзі свае рукі на мае раны і ацалі». Пры гэтым пакажы Яму гэтыя раны.
Трэці спосаб аздараўлення

Папрасі Езуса, каб сказаў толькі слова, і будзе аздароўлена душа твая. «Езу, скажы толькі слова, і не будзе мне балець тое, чым зграшыў.
Скажы толькі слова, і не буду баяцца, што я — фізічна хворы, скажы толькі слова —
і змагу прабачыць людзям».
Неабходна вера

Шчыра скажам Езусу, што верым Яму, як у Евангеллі. «Веру, што будзе ўсё добра. Езу, веру Табе!» — гэта трэба сказаць языком, а не думкамі. А цяпер дазволь Езусу, каб прывёў цябе да свайго Айца. Прыходзіш, як марнатраўны сын, і глядзіш, як Айцец Нябесны прагне цябе абняць. Толькі паўтарай сабе: «Ты мяне любіш, Ойча! З Табою мне вельмі добра. Ты мяне любіш, я для Цябе бясцэнны. Ты на маім баку, усё будзе добра». А цяпер паглядзі на сябе як на таго злачынцу, які вісеў па правым баку ад Езуса. Хрыстус яму ўсё прабачыў. Падумай, ці верыш, што Ён і табе ўсё прабачыў, і скажы: «Веру, Езу, што Ты прабачыў усе мае грахі ад моманту майго зачацця аж да сённяшняга дня. Дзякую Табе, Езу, дзякую ад усяго сэрца!».

Падрыхтавала Галіна Горская.
Паводле часопіса
«Рэха Меджугор’я…»,
№285, кастрычнік 2011 г.



                   Як можна навярнуць да Бога іншых?


Навучыўся я гэтаму ў 1987 годзе, калі ў Аўстрыі пасля аднаго семінара да мяне падышла жанчына і запытала, як яна можа дапамагчы свайму сыну, які яе ненавідзіць. Яна не бачыла яго 10 гадоў, бо ён не хоча да яе прыйсці, спрабаваў нават забіць сябе, але быў выратаваны. Цяпер служыць у войску ў Аўстрыі. Адна яе дачка мае стасункі з мужчынам як палюбоўніца, другая жыве з нейкім мусульманінам. «Як я магу ім дапамагчы?» — пытала яна ў мяне.
Я тады спантанна адказаў так:  

па-першае, няхай пані разам з Езусам звернецца да сваіх дзяцей у духу (трэба выбраць час, калі ў пакоі нікога няма). Трэба ў духу глядзець ім у вочы і сказаць: «Прабачаю вам». Потым паўтараць: «Прабачаю вам, бо ведаю, што вы хворыя. Ведаю, што церпіце з-за таго, што такімі з’яўляецеся. Ведаю, сыне, што ты найбольш церпіш, прабачаю табе».

Другое — скажы: «Сыне, прабач мне, што не разумела цябе. Прабач, што недастаткова цябе любіла, калі ты быў ува мне і калі быў малым. Прабач, што і цяпер гавару пра цябе блага. Прабач, што не веру ў тваё навяртанне. Прыкра мне, прабач мне».

Трэці крок: «Сыне, прагну любіць цябе гэтак, як цябе любіць Бог. Прагну вырваць цябе з гэтага граху нянавісці і самагубства. Хачу, каб ты стаў здаровым чалавекам».

Чацвёрты крок: «Сыне, я дзякую Богу за цябе. Божа, дзякуй Табе за тое, што даў мне сына. Дзякую, што праз яго зменіш і мяне, а праз мяне — змененую — цяпер зменіш яго».
«Добра, але як я павінна маліцца за яго?» — спытала жанчына. Я адказаў: не маліцца, але глядзець у яго дух і гаварыць: «Прабач мне, і я прабачаю табе, прагну для цябе таго, чаго прагне Бог, і дзякую Богу за цябе».
«А ці ксёндз будзе за яго маліцца?» — спытала яна мяне. Я адказаў: «Не, не буду за яго маліцца. Вы за яго ўжо 10 гадоў моліцеся — і што? Нічога! Паўтараю яшчэ раз: ідзіце з Езусам да свайго сына і, звяртаючыся да яго духу, гаварыце тое, што я ўжо вам казаў». «Колькі разоў гэта казаць?» — спыталася яна. «Сто разоў у дзень!» — адказаў я. Яна з недаверам прамовіла: «Добра, але можа ёсць яшчэ штосьці?» «Не, не маю нічога іншага, толькі тое, што сказаў». Жанчына зноў пытаецца: «Але усё ж такі — як трэба маліцца?» Я паўтарыў ёй усё яшчэ раз, потым яшчэ і яшчэ раз.

Аднак жа цуды здараюцца

Праз два месяцы атрымаў ад яе ліст. Жанчына пісала: «Паважаны прафесар, здарыўся цуд. Нядаўна патэлефанаваў мне сын і спытаў: мама, ці можаш мне прабачыць, што ненавідзеў цябе на працягу 10 гадоў? Мама, ці магу я вярнуцца дадому? Мама, я быў вельмі злы, але ў апошнія дні штосьці ўва мне змянілася, не магу больш так жыць». Маці пісала, што адказала, каб сын прыязджаў як мага хутчэй. Праз гадзіну ён ужо быў у яе. Абняліся і доўга плакалі. Потым не маглі нагаварыцца…
Прайшло тры месяцы, як я атрымаў той ліст. Зноў паехаў у Аўстрыю на семінар. Аднаго дня да мяне падышла тая самая жанчына са сваім сынам. Я спытаўся у яго, ці праўда, што ён на працягу 10 гадоў ненавідзеў сваю маці? Ён сказаў, што гэта сапраўды так. На пытанне, ці ён цалкам змяніўся, адказаў, што цалкам, без ніякіх сумніваў. Маці дадала, што апошнім часам ён знайшоў сабе дзяўчыну і хоча браць з ёю шлюб у касцёле. Сказаўшы, што гэта яшчэ не ўсё, жанчына запрасіла ўвайсці сваю дачку разам з мужчынам, які быў яе каханкам. Дачка сказала, што яны хочуць узяць шлюб і пачалі хадзіць у касцёл на катэхізацыю. Я спытаўся, што іх змяніла? Адказалі: «Не ведаем, нібы зрок вярнуўся». Але і гэта яшчэ было не ўсё. Маці прывяла другую дачку, якая таксама жыла са сваім хлопцам без шлюбу. Ён мусульманін, але яны таксама вырашылі ўзяць касцёльны шлюб. Ён гатовы нават ахрысціцца. Я запытаўся ў яго, ці гэта праўда, а не якісь там жарт. Ён упэўнена адказаў, што гэта не жарт. Я нагадаў яму, што гэта небяспечна, бо, паводле Карану, яго могуць проста забіць. Адказаў, што не баіцца. І вось тут я ўсклікнуў: «Аднак жа цуды здараюцца!»
Тыя, хто моляцца, як гэта кабета, ведаюць: людзі мяняюцца. Таму з гэтай хвіліны ўжо не пытайцеся ў мяне, як навярнуць да Бога дачку, мужа, жонку. Калі ты зменіш свае адносіны да іх, і яны зменяцца да цябе. Калі ты ім прабачыш ад усяго сэрца, яны адчуюць, што ты прыняў іх у сваё сэрца. Калі ты просіш іх, каб яны табе прабачылі, тады яны адкрываюць свае сэрцы і гавораць: прыйдзі да нас. Калі ты іх любіш гэтак, як любіць іх Бог, тады яднаеш іх з Богам. Дух Божы ўваходзіць у цябе і ў іх, змяняючы вас. Калі цяпер дзякуеш Богу, то твая вера ў тое, што ўсё табе ўдасца, расце бязмежна.

Як дапамагчы хворым і залежным?

А таксама тым, хто думае пра самагубства, перажывае дэпрэсію? Трэба злучыць іх з безумоўнаю любоўю Бога. Як? Перадусім, калі яны — хрысціяне, вы павінны ім растлумачыць, што Бог — гэта абсалютная любоў і дабрыня. Бог гэтага хворага чалавека любіць бязмежна. З моманту зачацця Бог хацеў, каб менавіта ён прыйшоў у гэты свет, таму і стварыў яго. Бацькі далі яму толькі свой псіхафізічны ўзровень, а Бог стварыў яго і яго душу. Дазвольце, каб гэты чалавек падчас медытацыі паволі спазнаваў, што Бог яго любіць. Трэба, каб ён пакрысе перажываў гэта, паўтараў услых, каб хутчэй дайшло да яго душы. Гэта — першы лек ад усіх хваробаў. Не рабіце нічога іншага, перадусім злучыце яго з безумоўнай любоўю Бога.

Супрацьпаказана ў гэтых выпадках пачынаць з малітваў вызвалення. Нельга гаварыць пра грахі і змушаць чалавека да споведзі, нагадваць яму пра д’ябла і пра нешта негатыўнае, не. Найперш трэба суправадзіць чалавека да Божай любові і нагадаць яму, што Бог заўсёды быў у яго жыцці, але ён проста гэтага не ведаў.

Акрамя таго, нельга аналізаваць хваробы гэтага чалавека. Нельга дазваляць, каб яна ці ён расказвалі пра сваю хваробу, асабліва псіхічную, бо гэта іх проста заб’е. Псіхааналіз забіў шмат людзей, пра што сведчаць мае калегі псіхіятры. Калі аналізуеш псіхічную альбо фізічную хваробу чалавека, сам нейкім чынам упадаеш ў яе, бо ўваходзіш у яе і ўжо не можаш дапамагчы таму чалавеку. Найперш дапамажы яму ўсвядоміць, што Бог яго вельмі любіць ад моманту зачацця і ніколі, якое б ні было яго мінулае, не пераставаў любіць. Самае галоўнае — трэба напоўніць гэтага хворага Божай любоўю. Зразумейце, што трэба менавіта любіць Бога, напаўняцца Яго Божаю любоўю, купацца ў Яго любові, цешыцца Яго любоўю.

Айцец Таміслаў Іванціч
Аўтар/перакладчык Галіна Горская.
Паводле часопіса «Рэха Меджугор’я…», №287, снежань 2011 года.