суббота, 30 августа 2014 г.

ЦУД АЗДАРАЎЛЕННЯ Ў СЯМ’І АБРАМАВЫХ - ГІСТОРЫЯ ПРА БОЖУЮ ВОЛЮ І ЧЫСТАЕ СЭРЦА

Пра цуд аздараўлення ў сямі Абрамавых я даведаўся выпадкова падчас гутаркі са святарамі ў Тракелях на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Тракельскай

Унікальны выпадак цяжкай хваробы маладога чалавека і выразны цуд, які зрабіў Бог у ягоным жыцці, зацікавілі мяне не толькі як рэдактара газеты, але як і душпастыра. І таму я накіраваўся ў Ліду, дзе жывуць маці і сын – Ірына і Яўген Абрамавы.

На пачатку нашай гутаркі лёгка было заўважыць сціпласць і няёмкасць маіх суразмоўцаў. Нічога дзіўнага. Не кожны дзень да цябе прыязджае журналіст, якому трэба даць сведчанне свайго жыцця. Пасля знаёмства я задаў першае пытанне, што непасрэдна датычылася самога цуду.

Медыцынскі прысуд

– Спадарыня Ірына, як сталася, што Ваш сын захварэў?
– Гэта было нечакана для нас усіх. Кісту на сэрцы Жэні лекары знайшлі ў сакавіку 2014 года, калі ён лячыў запаленне лёгкіх. Памеры гэтай кісты былі вельмі вялікімі. На той час – 4 на 5 см. А пазней хвароба стала хутка прагрэсаваць. Ужо ў красавiку памеры наросту на сэрцы былі 8,5 х 7,5 см і таўшчыня – 3 см.

– Захворванне гэтае з’явілася раптам ці яно было раней у сына і проста сябе не праяўляла?
– Лекары меркавалі, што кіста была ад нараджэння. Але Жэню ніколі не даймаў ніякі боль. Ён хадзіў на заняткі па фізкультуры, яму падабалася прымаць удзел у рыцарскіх турнірах, насіў даспехі нават. Ён рос, як усе дзеці. Нічога не ўказвала на хваробу аж да вясны гэтага апошняга навучальнага года ў школе. Тады кіста на сэрцы выпадкова была знойдзена ў выніку абследавання ў Гродзенскім абласным шпіталі.

Наступнае пытанне задаю ўжо сыну Ірыны:
– Жэня, але ж сімптомы ўсё роўна павінны былі паявіцца?
– Так, – адказвае ён. – Ужо калі знайшлі гэтую кісту на сэрцы, я перастаў займацца спортам і пачаў адчуваць цяжар у грудзях. Было цяжка дыхаць. Мы пачалі кансультавацца ў лекараў. Медыкі сказалі, што адзінае выйсце – гэта аперацыя. Яны былі здзіўленыя, што кіста вырасла ажно да такіх памераў. Звычайна яна бывае меншай і не турбуе сваім ростам. А таксама вельмі рэдка бывае размешчана на сэрцы.

Тут спадарыня Ірына ўстае і паказвае мне копію медыцынскага заключэння. Яно з Дзіцячага кардыёхірургічнага цэнтра РНПЦ “Кардыялогія” ў Мінску. Дакумент складзены 17 красавіка 2014 года. З яго вынікае, што Абрамаву Яўгену Вітальевічу пастаўлены дыягназ “Кіста перыкарда”. Медыцынскае заключэнне паведамляе: “Вдоль задней стенки ЛЖ, начиная со средней трети и до верхушки, лоцируется образование 7.5 на 8.5 см гипоэхогенное с включениями. Задняя стенка несколько прогибается в полость ЛЖ. Показана консультация детского хирурга для решения вопроса о дальнейшей тактике. При наличии показаний для оперативного лечения – госпитализация в детский кардиохирургический центр”.



Сухія словы медзаключэння чытаюцца як прысуд. Нават мне, зусім не абазнанаму ў пытаннях медыцыны, становіцца зразумелым, што дыягназ Жэні – вельмі сур’ёзная справа.

“Мы не прасілі ў Бога здароўя…”

– Як вы ўспрынялі гэтую хваробу? – пытаюся ў Ірыны і яе сына. Пасля маленькай паўзы адказвае маці:
– Гэта было вялікае выпрабаванне для нас. Мы, канешне, пачалі звяртацца да лекараў, але найбольшай нашай падтрымкай была малітва і вера. Мы – людзі, якія вераць. Я і Жэня кожную нядзелю ходзім у касцёл. Таму ў такой сітуацыі нельга было без даверу да Бога. Мы Яму даверылі ўсё. Ездзілі ў Сакулку – у Польшчу, дзе знаходзіцца цуд Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Там маліліся. У сябе ў парафіі, у Росі – у Гродзенскай дыяцэзіі падчас рэкалекцый – і прасілі аб малітве усіх знаёмых святароў і блізкіх людзей.

– Вы прасілі здароўя для Жэні?
– Не. Здароўя мы не прасілі. У малітве гучала толькі просьба аб выкананні Божай волі. І я, і Жэня разумелі, што Бог лепш ведае, чаго нам найбольш не хапае. Але хачу зазначыць, што такая малітва ў нашай сям’і была заўсёды. Мы і ў Рось ездзілі на рэкалекцыі раней – яшчэ да таго, як даведаліся пра хваробу.

Цудоўнае аздараўленне

– Жэня, пытаюся ў хлопца, – а дзе адбылося само аздараўленне?
– Гэта адбылося ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі падчас супольнай малітвы з кс. Джонам Башаборам з Уганды, які праводзіў там рэкалекцыі (7-8 чэрвеня 2014г. – заўвага аўтара). У пэўным моманце мяне паклікаў кс. Юрый Кузьміч, які ведаў пра маю праблему, і мы разам з ім падышлі да ксяндза Джона. Святар паклаў мне на галаву рукі і маліўся каля дзвюх хвілін. Падчас малітвы я адчуў, як унутры мяне разліваецца цяпло. Урэшце ён сказаў: “Падзякуй Богу, ты аздароўлены”. Але пазней ён дадаў, што хвароба не адступіць раптоўна. На гэта патрэбны час. І сапраўды, праз два дні я быў на абследаванні, якое паказала, што кіста ёсць, але паменшылася. Мы зноў маліліся аб выкананні Божай волі і адначасова слухалі, што скажуць лекары. А яны былі няўмольныя: неабходная аперацыя. Мы паехалі ў Мінск, дзе ў мяне ўжо пачалі браць аналізы. Я разумеў, што гэта падрыхтоўка да аператыўнага лячэння…

Аповед працягвае спадарыня Ірына: “І тут адзін доктар сказаў: “Неабходна яшчэ раз глянуць на кісту”. Падключылі адзін апарат – на маніторы нічога няма. Здымкі нічога не паказваюць. Доктар нават крыху раззлаваўся, што, пэўна, сапсаваўся апарат. Падключылі іншы – той таксама сведчыць, што кісты на сэрцы няма. Гэта пры тым, што на яе наяўнасць указвалі нават тэхнічна менш дасканалыя апараты ў Лідзе. А тут найлепшая тэхніка ў сталіцы паказвае адно: захворвання няма”.

Сп-ня Ірына паказвае мне яшчэ адзін медыцынскі дакумент. Гэтым разам – з “1-га гарадскога клінічнага шпіталя” ў Мінску з аддзялення ультрагукавой дыягностыкі. Пратакол абследавання на імя пацыента Абрамава Яўгена Вітальевіча ад 25 чэрвеня 2014г. Заключэнне абмяжоўваецца адным сказам: “Патологических, объемных образований со стороны плевральных полостей не выявлено”.



Каго слухае Бог?

– А што на гэта лекары? – пытаюся. Распавядае спадарыня Ірына: “Адзін з іх спачатку сказаў: “Я не веру ва ўсе гэтыя штучкі вашых цаліцеляў”. Але пазней у яго вырвалася літаральна наступнае: “Калі я ўжо і паверу ў Бога, то хіба толькі цяпер”. Дарэчы, нам усё роўна назначылі яшчэ адну сустрэчу для абследавання. Я разумею дактароў. Яны перажываюць за Жэню таксама і хочуць да канца быць ва ўсім упэўненымі.

Узрушаны гісторыяй гэтай пабожнай сям’і пытаюся ў сп-ні Ірыны: “На рэкалекцыі ў Рось і наогул у касцёлы ў Беларусі прыходзяць тысячы людзей. Многія просяць аб здароўі, але Бог аздаравіў менавіта Жэню. Што Вы пра гэта думаеце?” Сп-ня Ірына задуменна адказвае: “Не ведаю, чаму так. Мы маліліся аб выкананні Божай волі ў нашым жыцці. І мы былі гатовыя прыняць гэтую хваробу, калі б такая была Божая воля. Важна ўмець прыняць тое, што дае табе Бог”.

– Сп-ня Ірына, што б Вы хацелі сказаць тым людзям, якія чакаюць ад Бога нейкага цуду?
– Хачу пажадаць ім, каб максімальна даверыліся Богу, каб хацелі выканаць Яго волю ў сваім жыцці. Тады ніякія выпрабаванні не будуць страшнымі. І, канешне, хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім нашым сябрам, знаёмым, блізкім, хто маліўся за Жэню, хто нам усяляк спачуваў і дапамагаў. Вельмі важная такая людская салідарнасць у бядзе.
Напрыканцы нашай размовы Жэня падзяліўся сваімі планамі на жыццё. У гэтым годзе ён паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне і збіраецца стаць святаром. Гэта яго даўняя мара – яшчэ з 9-га класа.

Што ж… Гэта адважны і высакародны ўчынак, на які здольнае толькі чыстае і добрае сэрца.

Кс. Віктар Місевіч


http://catholicnews.by/

Сведчанне ксяндза: "Божая Любоў перамагла мяне"

Прымаць удзел у рэкалекцыях для святароў у Варшаве не было ў маіх планах. Яшчэ раней я запісаўся на рэкалекцыі ў Навагрудку, якія праводзіў кс. Ян Рэчак. 

Там, слухаючы размовы святароў, якія планавалі арганізаваць выезд на рэкалекцыі ў Варшаву з а. Джонам Башаборам, я вельмі шкадаваў, што не запісаўся. Але было ўжо позна. І нікому я аб гэтым не казаў.

Раптам кс. Алег, пробашч парафіі ў Лядску, спытаў у мяне: “Ці хацеў бы айцец паехаць у Варшаву на рэкалекцыі?” (таму што нехта са святароў адмовіўся). Я, канешне ж, адразу згадзіўся. Пасля тыдня рэкалекцый у Навагрудку, пасля вольнага тыдня, атрымалася, што я зноўку на рэкалекцыях.

Атмасфера, клімат паміж святарамі там былі цудоўныя. Супольнае перажыванне радасці са святарства, абмен вопытам. Адчувалася ўздзеянне Святога Духа. Асабістыя і сумесныя малітвы, добразычлівасць, узаемадапамога і вялікае шчасце ад таго, што нам, святарам, Бог спасылае шматлікія дары, нягледзячы на нашую асабовасць. Было вельмі шмат рэфлексіі (аналізавання) над сваім пакліканнем, святарствам, як яго перажываю, як выкарыстоўваю Божыя дары на служэнне людзям. Зусім па-новаму ўспрымалася чытанне і разважанне Божага Слова. Падчас малітоўных разважанняў я параўноваў Божае Слова, якое пачуў падчас рэкалекцый з Навагрудка, са сваіх святарскіх пасвячэнняў, прыміцый (на сваім прыміцыйным абразе я запісаў наступныя словы: “…калі ты прыйшоў у гэты свет – я асвяціў цябе, прарокам для народаў я паставіў цябе. Не бойся, я з табой, каб абараняць цябе” (Ян 1, 5-8). У Навагрудку я пачуў словы Пана Езуса, скіраваныя да мяне падчас малітвы: “Я з табою. (…) Ты мой”.

У Варшаве: “Я з табою. Ты мой. Я ніколі не пераставаў цябе любіць”. І тады дзесьці ўнутры я адчуў вялікую перамену, нібы штосьці зламала мяне, я расклеіўся і сказаў: “Пане Езу, Ты перамог! Дзякую Табе! Віншую Цябе! Я Твой. Дзякую, за тое, што Ты ніколі не пераставаў мяне любіць, што не перакрэсліў мяне, не сумняваўся ўва мне…”. Тое, што я перажыў, было далікатным дотыкам, поўным незразумелай, пераўзыходзячай мой чалавечы розум благаслаўлёнай любові і адначасова з гэтым пачуццё сваёй слабасці, я не мог знайсці слоў падзякі за Божую дабрыню. Тады я зразумеў, колькі павагі ў Бога да чалавека, як Ён моцна яго любіць, і які Ён усемагутны і адначасова далікатны.

Перад гэтай малітвай на працягу дня я перажываў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. З-за шчасця, якое я адчуў, я не мог заснуць. Мой пакойчык знаходзіўся непадалёк капліцы. Пасля супольнай малітвы, апоўначы, я пайшоў туды. І там, аднавіўшы свае манаскія абяцанні, бо з’яўляюся айцом-рэдэмптарыстам, я амаліў шмат сваіх спраў. Разважаў над Словам Божым. Я разгарнуў Біблію на выпадковай старонцы і прачытаў (Іс 43): “Ня бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе імем тваім; ты – Мой (…) ты дарагі ў вачах Маіх, і Я палюбіў цябе (…) Ня бойся, бо Я з табою”. Я палаў міласцю да Бога, а сэрца хацела выскачыць з грудзей ад шчасця. Акрамя таго, за мной “хадзілі” словы св. Паўла Апостала: “Дык жа, ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую,” (1 Кар 10, 31).

Затым я таксама абдумаў план, як вырашыць некаторыя праблемы, узнікаючыя  св. Імшы, пасля вяртання з рэкалекцый. Раней, пасля розных харызматычных духоўных практыкаванняў з а. Руфусам ці а. Джэймсам у мяне ўзнікалі цяжкасці падчас св. Імшы – раптам мой голас дрыжаў, або я не мог вымавіць ні слова, або пот выступаў на твары, мне рабілася дрэнна падчас чытання Евангелля, а пасля асвячэння я не мог прамовіць словы: “Дух Святы”. Гэта адбывалася на працягу некалькіх св. Імшаў, якія я цэлебраваў непасрэдна пасля рэкалекцый. Пасля апошніх рэкалекцый з а. Джэймсам у ліпені 2012 г. праблемы працягваліся да Вялікага посту 2013 г. Тады нада мной памаліўся кс. Ян Рэчак у Росі, і сястра Станіслава сказала, што з’яўляецца ўсяму прычынай. Да гэтай пары ў мяне не было праблем з малітвай у часе св. Імшы. Людзі бачылі, што нешта не так, і давалі мне розныя лекі, таблеткі, але я не браў іх, толькі прасіў аб малітве. Сястра дала мне выпіць вады, але гэта не дапамагло. Часам на Літургіі я спыняўся і сядаў на хвіліну.

Навучаны досведам апошніх гадоў не хачу рабіць шуму. Таму ў тую ноч у капліцы, пасля досведу Св. Духа, я абдумаў план. У маёй парафіі ёсць “маргарыткі” і міністранты. Я папрашу іх у закрыстыі аб малітве, калі буду рыхтавацца да св. Імшы. Яны будуць маліцца так: “Пане Езу, дапамажы а. Раману адправіць св. Імшу”. Ці ж не цудоўна? Сапраўды, але я ў гэтым да канца не перакананы. Навошта гэты шум у закрыстыі, растлумачванне… Нешта не так.

Ноччу, пасля малітвы, у 2.30 я пайшоў спаць і ўвесь час разважаў над гэтым. Зранку ў 5.30 я прачнуўся і хацеў прыняць душ. Ізноў у мяне ў галаве ўсплылі словы св. Паўла Апостала (1 Кар 10, 31) перад прыманнем душа “… ці іншае што робіце …”, і тут у мяне узнікла думка. Чую ў сэрцы: “Навошта маеш Духа Святога? Навошта Я табе Яго даў? Навошта маеш дары Святога Духа?” І тады я адразу зразумнеў, як трэба маліцца перад св. Імшой.

Вечарам я атрымаў дар распазнавання духаў, малітва сама лілася з маіх вуснаў: “Пане Езу, я аддаю Тваёй абароне, Тваёй найдаражэйшай Крыві сябе самога, сваю душу, святарства, родных… Дух Святы! Забяры з закрыстыі, касцёла ўсе перашкоды, якія маглі бы мне перашкаджаць у малітве падчас св. Імшы”. Знікла запланаванае слова “Я” і “адправіць”, а з’явілася “Дух Святы” і “малітва”. І тады я зразумеў, што гэта тое, што мне было патрэбна. Толькі тое месца, дзе зарадзілася гэтая малітва… Раптам я засумняваўся. Чаму менавіта тут? На дапамогу прыйшло Божае Слова, скіраванае да мяне: “Я з табой” (пар. Іс 43, 5) і кропка. Не было сказана: “ Я з табой, калі ты молішся на ружанцы, калі стаіш на каленях на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі молішся на брэвіарыі…”. Гэта значыць, што Я з табой усюды! Для чаго? Каб абараняць цябе! Каб часам там ты не зграшыў! (пар. Іс 1, 8) Усё так, але з такімі абавязкамі? Хто стварыў чалавека? Бог. “І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі” (Быц. 1, 31). “… ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую,” (1 Кар 10, 31).

Поўнасцю зразумець сэнс гэтых слоў можна ў шпіталях, дзе людзі ідуць на аперацыю, або пасля яе, збоку вісяць гэтыя торбачкі. Аб чым яны моляцца? За што яны дзякуюць Богу пасля паспяховай аперацыі? Бог нас задзіўляе. Ён любіць нас. Не пагарджае намі. Ён заўсёды побач. Можа прамовіць да нас у месцы і часе, найменш для нас чаканым і запланаваным.

Пасля вяртання з рэкалекцый, менавіта так я і памаліўся перад св. Імшой. Перашкоды адчуваліся падчас Літургіі, але малітва, зварот да Духа Святога дазволілі мне адчуць вялікую свабоду і задавальненне падчас цэлебрацыі св. Імшы.

Алелюя!

Вялікія рэчы зрабіў для мяне Усемагутны, а Імя Яго Святое!

а. Раман Цесляк СSsR

http://grodnensis.by/

Ксяндзы з Беларусі прымаюць удзел у рэкалекцыях з а. Джонам Башаборам

Каля 20-ці святароў з Гродзенскай і іншых дыяцэзій Беларусі прымаюць удзел у харызматычных духоўных практыкаваннях, якія праводзіць афрыканскі місіянер з Уганды а. Джон Башабора. 

А. Джон у гэтым годзе праводзіў рэкалекцыі і цэлебраваў Эўхарыстыю ў пасёлку Рось і горадзе Лідзе, таму добры вядомы вернікам з Гродзеншчыны.

Некаторыя удзельнікі вырашылі падзяліцца сваімі думкамі аб гэтых духоўных сустрэчах:

Кс. Алег Пятрашка, пробашч з парафіі Лядск: "Рэкалекцыі - гэта магчымасць усвядоміць каштоўнасць свайго святарства, якое я пачаў нанова пераасэнсоўваць дзякуючы Божаму Провіду некалькі месяцаў таму. А. Джону, які з'яўляецца прыкладам шчырага даверу Богу ў святарстве, ад усяго сэрца дзякую за магчымасць такога духоўнага досведу".

Святар з Віцебскай дыяцэзіі, кс. Віталь Галец сказаў, што рэкалекцыі з'яўляюцца прыняццем волі Божай у Духу Святым, аднаўленнем духоўнасці і святарскай тоеснасці.

Для кс. Ігара Анісімава, які поўніць служэнне ў Слоніме, гэта дадатковая нагода да духоўнай перамены. У менавіта такіх рэкалекцыях ён прымае ўдзел першы раз і дзякуе за гэты дабраславёны час, калі ён адчуў блізкасць Бога.

Душпастыр службы аховы здароўя г. Гродна кс. Мікалай Ціхановіч нагадаў, што ў харызматычных рэкалекцыях для святароў прымае другі па ліку раз. Асабіста для яго духоўныя практыкаванні такога роду - гэта чарговы доказ таго, што "Уваскрослы Езус сапраўды дзейнічае ў моцы Святога Духа ў жыцці. Асаблівым чынам гэта праяўляецца ў перамене розуму і сэрца згодна са словам Збаўцы. Таму святарства з'яўляецца імкненнем наследаваць стыль жыцця Езуса".

Для кс. Юрыя Кузміча, пробашча парафіі Новы Двор, рэкалекцыі - "Пераасэнсаванне майго жыцця, як Божага дзіцяці, якое Езус моцна, шчыра і безумоўна любіць, а таксама Хрыстовага святарства,  якім Ён дазволіў мне ўдзельнічаць".

Харызматычныя рэкалекцыі для святароў распачаліся ў Варшаве ў панядзелак, 21 ліпеня і прадоўжацца да суботы. У духоўных сустрэчах, якія адбываюцца ў будынку Варшаўска-Пражскай Вышэйшай Духоўнай семінарыі, удзельнічае каля 150-ці святароў з 11-ці краін.

кс. Юрый Жэгарын

http://grodnensis.by/