суббота, 3 октября 2015 г.

Святы Айцец пра сітуацыю “параненых сем’яў”

Папа Францішак, пасля летняга перапынку, аднавіў сустрэчы з вернікамі ў рамках агульных аўдыенцый у Ватыкане. Першая з іх прайшла 5 жніўня 2015 г. 
у Зале Паўла VI. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў тэме так званых “параненых сем’яў”. Аб складаных сітуацыях, якія ўзнікаюць у сямейным асяроддзі ў выніку непаразуменняў паміж сужонкамі, ён ужо казаў падчас апошняй агульнай аўдыенцыі ў чэрвені. Сённяшнюю ён прысвяціў клопату пра тых, хто пасля разводу ўступіў у новы несакрамэнтальны саюз.
“Касцёл добра ведае, што такая сітуацыя супярэчыць хрысціянскаму сакрамэнту. Тым не менш яго настаўніцкі позірк заўсёды чэрпае з сэрца Маці, сэрца, натхнёнага Святым Духам, якое заўсёды шукае карысці і збаўлення людзей. Вось чаму ён адчувае абавязак, “дзеля любові да праўды”, “добра распазнаваць сітуацыі”. Так выказваўся св. Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі “Familiaris consortio”, указваючы на прыклад адрознення паміж тымі, хто перажыў развод і тымі, хто яго справакаваў”, - сказаў Папа.
Паводле Святога Айца, калі паглядзець на гэтыя новыя саюзы вачыма маленькіх дзяцей, можна ўбачыць наколькі тэрміновай з’яўляецца патрэба ў развіцці ў хрысціянскіх супольнасцях сапраўднай адкрытасці ў адносінах да тых асоб, якія перажываюць падобныя сітуацыі. 
“Для гэтага важна, каб стыль супольнасці, яе мова, паводзіны, заўсёды былі ўважлівымі да асоб, пачынаючы ад дзяцей. Гэта яны найбольш пакутуюць ад такіх сітуацый. Больш за тое, як мы зможам раіць гэтым бацькам рабіць усё магчымае, каб вучыць дзяцей хрысціянскаму жыццю, даючы ім прыклад пераканаўчай і практыкаванай веры, калі будзем трымаць іх на дыстанцыі ад жыцця супольнасці, нібыта яны экскамунікаваныя? 
Не трэба дадаваць іншых цяжараў акрамя тых, якія дзеці ў падобных сітуацыях ужо вымушаны несці на сабе! На жаль, колькасць такіх дзяцей і моладзі па-сапраўднаму вялікая. Важна, каб яны адчувалі, што Касцёл – гэта Маці, якая клапоціцца пра ўсіх, што ён заўсёды гатовы выслухаць і прыняць”, - сказаў Папа.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў Касцёл не быў ні “абыякавым”, ні “лянівым”. Ён узрастаў ва ўсведамленні неабходнасці братэрскай і пільнай адкрытасці, у любові і праўдзе, да ахрышчаных, якія заключылі новыя саюзы пасля краху сакрамэнтальнага сужэнства. Гэтыя асобы не з’яўляюцца экскамунікаванымі, і не могуць такім чынам успрымацца – яны з’яўляюцца часткай Касцёла, яшчэ раз падкрэсліў Пантыфік.Ён нагадаў, што на гэту тэму выказваўся Бэнэдыкт XVI, заклікаючы да “пільнай праніклівасці” і “мудрага душпастырскага суправаджэння”, усведамляючы, што не існуе “простых рэцэптаў”.
“Адсюль неаднаразовы пастырскі заклік да адкрытай і належнай дэманстрацыі гатоўнасці супольнасці да прыняцця такіх асоб і іх падтрымкі, каб перажывалі і ўсё больш развівалі сваю прыналежнасць да Хрыста і Касцёла праз малітву, слуханне Божага Слова, часты ўдзел у літургіі, хрысціянскае выхаванне дзяцей, любоў і служэнне бедным, дзейнасць на карысць справядлівасці і міру. Біблійны вобраз Добрага Пастыра абагульняе місію, якую Езус атрымаў ад Айц – аддаваць жыццё за авечак. Такая пазіцыя – гэта прыклад таксама і для Касцёла, які прымае сваіх дзяцей як Маці, што дае сваё жыццё за іх. “Касцёл заўсёды пакліканы быць адкрытым домам Айца. Ніякіх закрытых дзвярей! Розным чынам усе могуць удзельнічаць у касцёльным жыцці, усе могуць быць часткай супольнасці. Касцёл – гэта бацькоўскі дом, у якім ёсць месца для кожнага з яго складаным жыццём”, - адзначыў Папа.
Напрыканцы сваёй катэхезы Пантыфік нагадаў, што хрысціянскія сем’і пакліканы наследаваць Езуса і дапамагаць тым, якія перажылі складаныя сітуацыі. “Няхай усе выконваюць сваю ролю, наследуючы вобраз Добрага Пастыра, які ведае кожную са сваіх авечак і ніводнай не выключае са сваёй бясконцай любові!”, - пажадаў напрыканцы сустрэчы з вернікамі Святы Айцец.   
                                                                  http://be.radiovaticana.va/

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.